Новости О гимназии Учащимся Родителям Педагогам Одно окно Контакты Сервисы

    Знакамiтыя бацькi

    Святлана Панкратава:  "Выхоўваць чалавека павінна сям’я!”

    «Настаўнiцкая газета» 25 жніўня 2012 года. Рубрыка “Мая школа”

    Сённяшняя госця традыцыйнай рубрыкі “Мая школа” можа бясконца гаварыць пра дзве рэчы: надвор’е і сям’ю. І калі гутаркі пра надвор’е — гэта яе службовы абавязак — Святлана Панкратава з’яўляецца рэжысёрам і вядучай праграм “Тэлебарометр” і “Навіны надвор’я”, то сям’я — гэта і сэнс яе жыцця, і хобі, і самы вялікі клопат.

    — А якія ўражанні пакінула школа?

    — У мяне было шчаслівае дзяцінства: вясёлая школа, добры клас, цудоўныя настаўнікі і трэнеры.

    Вельмі прыемныя ўспаміны пакінула пачатковая школа. Тут у нас была вельмі добрая першая настаўніца, сапраўды як маці. Відаць, яшчэ і па-гэтаму школа мяне не спужала.

    Самыя яркія — гэта экзамены па фізіцы і хіміі. У матэматыцы я больш-менш “шарыла”, а хімія для мяне ўвогуле была, як цёмны лес. Я дасюль не разумею, як я змагла яе здаць на “чатыры”. Фізіку я вучыла, але на “выдатна” на экзаменне зусім не разлічвала.

    — Відаць, прыходзілася пасядзець над падручнікамі?

    — Увогуле нешта вывучыць і расказаць для мяне было сапраўдным задавальненнем.

    Сёння навыкі запамнінання, набытыя ў школе, прыносяць вельмі вялікую карысць. Часам бывае, што я з аднаго прагляду магу запомніць абсалютна новы тэкст (нават не ведаю, чаму так атрымліваецца). Але перыядычна памяць трэба трэніраваць, падтрымліваць у тонусе.

    — А каго з настаўнікаў запомнілі найлепш?

    — Вельмі добра памятаю нашага дырэктара, беларускага пісьменніка, Заслужанага настаўніка Беларусі Уладзіміра Ігнатавіча Ляпёшкіна, які ў нас выкладаў беларускую мову і літаратуру. Я не магла не ведаць яго прадмет, бо ён вёў мову і літаратуру яшчэ ў маёй маці.

    — Накольмі мне вядома, у мінулым вы спарцменка?

    — Ну гэта вельмі гучна сказана. Калі я вучылася у трэцім класе, замест фізкультуры ў нас было плаванне, і мы ўсім класам хадзілі ў басейн. З нас выбралі некалькі чалавек у спецклас па плаванні, у які трапіла і я.

     — Відаць, на ўрокі часу не хапала, а як жа вуліца, сябры, дваровыя кампаніі?

    — Пры такой загружанасці я паспявала рабіць урокі і вучылася досыць нядрэнна. А вось што да вуліцы... Мяне выхоўваў спорт: трэнеры, напружаны графік. Гэта мяне навучыла паланаваць свой час.

    — А сваіх дзяцей вы таксама загружаеце спортам?

    — Дачка Аляксандра была загружана сваімі двума брацікамі, і ёй не было калі займацца чым іншым. ?” Яна была вельмі адказная... Мой малодшы сын, з якім у яе 14 гадоў розніцы, калі быў маленькі, бывала, называў яе мамай.

    Праўда, сёння яна нас, бывае, папракае, што мы не далі ёй магчымасці займацца, напрыклад, танцамі ці чым іншым. Затое яна ведае і ўмее ўсё, што павінна ведаць гаспадыня, і цудоўна гатуе. А прыбірае ў хаце яна так, што мне з ёй нават не параўнацца: і хутка, і бездакорна чыста. Нядаўна яна выйшла замуж, і, спадзяюся, гэтыя навыкі ёй спатрэбяцца.

    Сярэдняга Яўгенiя муж стараўся таксама загрузіць па максімуму: спачатку ён хадзіў на танцы, потым на барацьбу, тайскi бокс. Аднак, у адрозненне ад мяне, у яго быў час і на дваровыя гульні. А малодшы Павел займаецца самба i дзюдо. Увогуле ў нас спартыўная сям’я.

    — Наколькі вялікую ролю ў вашым жыцці адыграла сям’я?

    —Я расла ў вельмі спрыяльнай атмасферы — бацькі па тым часе былі вельмі адэкватныя і не заміналі мне ў развіцці. Найперш, яны, як сёння кажуць, “не парыліся” з прычыны таго, што я недзе на вуліцы — у мяне проста не было на гэта часу. Правяралі ўрокі, дапамагалі ў спасціжэнні школьнай навукі.

    Я ўжо казала, што ў мяне было спартыўнае дзяцінства, таму мяне больш выхоўвалі трэнеры і настаўнікі, а бацькі карэктавалі гэта, хаця, на маю думку, павінна быць наадварот: выхоўваць павінна сям’я.

    — А вы строгая маці?

    — Так. Асабліва апошнім часам. Сярэдняму ўжо 18, ён хоча быць самастойным, а мы з мужам стараемся ўтрымліваць раўнавагу паміж свабодай і пэўнымі жыццёвымі прынцыпамі. Відаць, ён лічыць, што мы яго ў нечым прыціскаем і абмяжоўваем, але ж мы яго бацькі і мы за яго адказваем. Мы вырашылі выказаць свой пункт погляду і чакаць… Але бывае, што хочацца ўзяць рэмень і… Але ж што я зраблю, калі ён ужо зусім дарослы…

    — Каго цяжэй выхоўваць, хлопчыкаў ці дзяўчынак?

    — Хлопчыкаў. Ва ўсялякім выпадку ў нашай сям’і. Я вельмі рада, што да ўсёй сям’і: да нас, да бабуль і дзядуль, да іншых сваякоў — і ў дачкі, і ў сыноў, вельмі добрыя, цёплыя адносіны. Гэта, відаць, у нас сямейнае.

    Аднак, стасуючыся з сяброўкамі, чую абсалютна розныя меркаванні: камусьціт цяжэй гадаваць дзяўчат, а камусьці хлопцаў. Думаю, што гэта найбольш залежыць ад харакатару дзіцяці, які закладваецца Богам і карэктуецца бацькамі і абставінамі.

    — Ці пайшлі дзеці па вашых стапах?

    — Пакуль што толькі сярэдні: ён танцуе, спявае, іграе на гітары і вучыцца ў БДЭУ. Дачка атрымала эканамічную спецыяльнасць, ды і малодшы, відаць, таксама не пойдзе ў гуманітарную сферу. Але пра яго гаварыць яшчэ рана — мы толькі паступілі ў гімназію.

    — У вашай сям’і ёсць нейкія адметныя традыцыі?

    — Калі на гэта ёсць магчымасць, мы арганізуем вялікія сямейныя абеды ці вячэры. Калі мы ўсе дома, мы імкнемся разам вячэраць, а калі на дачы, то і абедаць (нават коша з сабакам да нас прыбягаюць!). Гэта вельмі аб’ядноўвае. Нездарма раней былі вялікія сталы, за якімі збіраліся вялікія сем’і.

    — Якая жыццёвая каштоўнасць для Вас самая значная?

    — Сям’я. Я дамашні чалавек. Мне трэба, каб сям’я была побач. Думаю, са мной пагодзіцца любая жанчына. Хіба не так? Калі не будзе сям’і і тыла, навошта тады рабіць усё астатняе? Я адчуваю задавальненне ад таго, што дзялюся са сваімі блізкімі сваімі поспехамі і дасягненнямі. Для каго тады ўсё, калі не для сям’і?

    — Вялікі дзякуй за размову. Няхай на вашым сямейным барометры будзе толькі яснае надвор’е.

    Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.